БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Абшар Заходняй Беларусі быў падзелены на акругі: Баранавіцкую, Берасьцейскую, Пінскую, Вялейскую і Беластоцкую, у склад якіх уваходзіў 101 раён.
Цяпер савецкія ўлады праводзілі фундаментальнае ачышчэньне Заходняй Беларусі ад фактычных і патэнцыяльных сваіх ворагаў. Расшукваліся рэшткі польскай адміністрацыі, вайскоўцаў, асаднікаў, лясьнікоў. Іх арыштоўвалі і вывозілі ў вагонах для жывёлы ў Сібір. Наступна арыштоўваліся семьі дэпартаваных і семьі іхных сваякоў і дэпартаваліся ў Сібір такім самым спосабам. Бяз ежы і бяз вады ў вялікія маразы старыя і малыя дзеці масава паміралі. Іх выкідалі на станцыях і цягнікі ішлі
НКВД арганізаваў агульнае ўзаемнае сячэньне і даношваньне сярод усяго насельніцтва аб усім, а перад усім адносна дачыненьня да савецкай улады. За крытычнае слова адносна савецкай улады няшчасны арыштоўваўся і дэпартаваўся ў Сібір. Наступна такі самы лёс спатыкаў яго сямью і ўсіх сваякоў.
Сяброў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, распушчанай у 1938 годзе, НКВД расшуквала паводля сьпісаў, арыштоўвала і ліквідавала.
Агулам за часы ад 1939 да 1941 году савецкія ўлады на Заходняй Беларусі вынішчылі звыш 300 000 насельніцтва.
У галіне эканамічнай савецкія ўлады пушчалі ў рух існаваўшыя раней прадпрыемствы, працуючыя на мяйсцовай сыравіне і абслугоўваючыя мяйсцовыя патрэбы, як сельскагаспадарчае машынабудаўніцтва. шкляная, гарбарная, тэкстыльная, харчавая, лесаапрацоўчая, керамічная і іншыя галіны прамысловасьці. Аднак цяпер прадукцыя пераважна вывозілася з краю. Асабліва ў вялікіх памерах высякаліся лясы і драўніна вывозілася ў Нямеччыну. Туды ішло з Беларусі збожжа, а з Расеі праз Беларусь ішла нафта.
На працягу сямі месяцаў быў адноўлены Днепра-Бугскі канал даўжынёй 202 км, які меў вайскова-транспартнае значаньне для кірунку з усходу на захад.
Па афармленьні далучэньня Заходняй Беларусі да БССР савецкі ўрад распачаў прымусовую калектывізацыю земляробства. Апорныя сяляне былі масава дэпартаваныя ў канцлягеры Сібіру, як і Казахстану. Таму пад канец 1940 году ў Заходняй Беларусі было 1115 калгасаў, а на вясну 1941 году індывідуальныя сельскія гаспадаркі былі амаль усе зьліквідаваныя. Для абслугоўваньня гэтых калгасаў была арганізаваная 101 машына-трактарная станцыя.
Для аховы здароўя жывёлы былі створаныя вэтэрынарныя амбуляторыі і вэтпункты, куды былі прысланыя спэцыялістыя з СССР.
Для абслугоўваньня здароўя насельніцтва былі арганізаваныя 335 паліклінік і амбуляторыяў, а колькасьць бальніцаў даведзеная да 200. Было адчынена звыш 200 дзіцячых ясьляў. З СССР было прыслана 150 лекароў, 65 фэльчароў і каля 2000 мэдсясьцёр.
У галіне асьветы было ўрухомлена 5 643 школы, у тым ліку 4278 беларускіх. Былі адчыненыя 4 пэдагагічныя і настаўніцкія інстытуты, 2 музычныя тэхнікумы і 8 музычных школаў. Для ўзгадаваньня старэйшых і моладзі было адчынена 100 кінотэатраў, мноства клюбаў, бібліятэкаў, дамоў культуры, чырвоных куткоў і хат чытальняў, а для дзяцей яшчэ 18 дамоў піянераў. Моладзь была далучаная ў камсамольскую арганізацыю, для кіраваньня якой былі прысланыя камсамольцы з СССР.
Літаратура, часапісы і газэты масава былі прысыланыя з СССР, пераважна на расейскай мове і часткова на беларускай.
Урадавай
У акруговых і раённых гарадох Заходняй Беларусі пачалі выдавацца мяйсцовыя газэты на беларускай і расейскай мовах. Рэдакцыйны пэрсанал для гэтых газэтаў быў прысыланы з СССР.
У праваслаўнай царкве кіраўніцтва ўзялі архірэі расейцы, якія за час Польскай дзяржавы былі за штатам і ўвесь час уважалі Маскоўскі сынод за сваю царкоўную ўладу. Цяпер у Вільню прыбыў з Коўні япіскап Элеферы з атрыманым ад Маскоўскага сыноду тытулам мітрапаліта і абняў кіраўніцтва Віленскай епархіяй. Дасюлешні архірэй Хвядос быў забаронены ў сьвяшчэнным служэньні мітрапалітам Маскоўскім Сяргеям і мітрапалітам Элеферыям. Па сьмерці мітр. Элеферыя ў 1940 годзе яго мейсца заняў прысланы з Масквы расеяц арх. Сяргей Васкрасенскі з тытулам «Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі, Экзарх Прыбалтыкі».
Пражываючы ў стане спачынку ў Жыровіцкім манастыры, арх. Панцялейман Ражноўскі абняў Гарадзенскую епархію і зьвярнуўся ў Маскоўскую патрыярхію з просьбай прыняць у ейную юрысдыкцыю яго і ягоную епархію. Маскоўскі мітрапаліт Сяргей зацьвердзіў арх. Панцялеймана архіяпіскапам Шнска-Наваградзкім з тытулам экзарха патрыярхіі 17 кастрычніка 1939 году. Аднак ужо ў ліпені 1940 году Маскоўская патрыярхія прыслала з Масквы мітрапаліта Мікалая Ярашэвіча з тытулам экзарха для Заходняй Беларусі І Заходняй Украіны. Арх. Панцялейман быў звольнены са становішча экзарха і прызначаны архірэям Гарадзенска-Вялейскай епархіі. Прысыланыя з Масквы мітрапаліты не баранілі мяйсцовага духавенства і вернікаў перад арыштамі і дэпартацыямі іх савецкімі ўладамі. Гэтыя духаўнікі выконвалі свае пастырскія абавязкі фармальна, як функцыянеры Савецкага ўраду.
На мяйсцовае насельніцтва былі наложаныя вялікія павіннасьці для дзяржавы. Ці ў калгасе, ці на фабрыцы, ці ва ўстанове трэба было хутка працаваць, каб вырабіць вялікую норму пад наглядам і прыгонам савецкіх кіраўнікоў. Па працы трэба было ісьці на палітычныя сходы, праводжаныя савецкімі агітатарамі і палітрукамі. Працоўныя суботнікі ў нядзелю без аплаты за працу былі стасаваныя агульна. На лесанарыхтоўкі, на капаньне земляных фартыфікацыяў на мяжы з Гэнэральнай губэрняй, на разгрузку цягнікоў на станцыях, на жніво, на капаньне бульбы і іншыя работы ўлады пасылалі людзей без аплаты за іх працу.
Прысланыя з СССР савецкія людзі былі на палажэньні ўпрывілеяваных і пануючых. Для іх былі арганізаваныя асобныя сталовыя, асобныя склады з прамысловымі таварамі і асобныя скляпы з харчамі, недаступныя для мяйсцовага насельніцтва. Уся гаспадарчая прадукцыя краю была ў руках кіруючага апарату прысланых савецкіх людзей, якія выконвалі пляны, вызначаныя ўрадам з Масквы. Патрэбы мяйсцовага насельніцтва ў гэтым ня былі вырашальным дзейнікам, ды ня было каму іх дамагацца. Надзвычайная бяда і недахопы ўсяго самага неабходнага для жыцьця, без магчымасьці палепшаньня, сталі пастаяннай зьявай жыцьця Настроі беларускага насельніцтва ў дачыненьні да Савецкай улады зьмяняліся з непрыхільных на варожыя.