БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Савецкая адміністрацыя. партыйнае кіраўніцтва, міліцыя, палітычная паліцыя (НКВД) і іншае савецкае кіраўніцтва пасьпешна пакідалі свае мейсцы і ўцякалі на ўсход. Аднак на наступны дзень вайсковыя і партыйныя групы вярталіся назад у пакінутыя імі гарады і местачкі і падпальвалі як склады наяўных запасаў усякага дабра, так і звычайныя будынкі. Ворагу трэба было пакінуць толькі пажарышчы. У многіх мяйсцовасьцях насельніцтва было змушанае гвалтам ісьці ў бежанцы на ўсход. Жыхарства, якое не ўцякала на ўсход, а заставалася на мейсцы, уважалася камуністымі за варожае да савецкай улады. Ад нямецкага бамбардаваньня з самалётаў Менск нацярпеў няшмат. Аднак увесь горад, за выняткам прыгарадаў, згарэў ад падпалаў савецкімі "спэцаддзеламі. Падобныя зьнішчэньні рабіліся па загадзе з Масквы па ўсёй Беларусі. Гарады Менск, Барысаў і Бабруйск не былі бароненыя ад немцаў, але спаленыя савецкімі спэцкамандамі.
З далейшых ад фронту акругаў: Гомельскай, Магілеўскай
НКВД старалася забраць вязьняў з турмаў і гнала іх пехатой на ўсход. Вязьняў з менскіх турмаў канвой пастраляў на дарозе ўжо за 60 км на ўсход ад Менска, калі была пагроза нямецкага палону. Толькі нямногія вязьні ўцяклі ў прыдарожныя лясы. У Беразьвечы, каля Глыбокага, НКВД пасьпела пастраляць усіх вязьняў на мейсцы, а ў Віцебску гарадзкую турму з 200 вязьнямі НКВД спаліла жыўцом.
Вялікія савецкія арміі былі акружаныя ў Беластоцкай «кішэні» і адзінаццаць дывізіяў у раёне Менска. Некалькі дзён пазьней рэшткі шаснаццаці савецкіх дывізіяў былі над ракой Бярэзінай, дзе на іх наступалі моцныя нямецкія фармацыі танкаў. Баі каля Барысава і ў напрамку Смаленск—Масква стрымалі хуткасьць нямецкага наступу на ўсход, але значная колькасьць савецкіх войскаў трапляла ў нямецкі палон.
Для савецкіх палонных жаўнераў немцы на мейсцы арганізавалі лягеры. На чыстае поле, агароджанае высокім калючым дротам з кулямётнымі вежамі, зганялі палонных. Там ня было аховы ад дажджу і холаду. Ані вада, ані ежа палонным не давалася на працягу тыдняў. Палітрукі і жыды былі адлучаныя і забіваныя. Немцы не дазвалялі перадаваць для палонных ежу і ваду, якія прыносілі да лягероў сяляне з суседніх вёсак. У хуткім часе немцы сталі звальняць палонных, якія паходзілі з абшараў, ужо занятых нямецкімі войскамі. Гэтыя людзі вярталіся да сваіх хатаў. У ліпені 1941 году немцы пачалі гнаць пехатой калёны палонных на захад у Нямеччыну на работы. Галодныя і прагныя вады палонныя часта падалі ад зьнямогі, а немцы стралялі іх на мейсцы. Частка палонных, якая ўнікала куляў канвою, уцякала ў прыдарожныя лясы.
Мабілізацыя ў савецкую армію людзей, народжаных ад 1905 да 1918 гадоў, забрала рабочую сілу з вёсак. Па зэхадах адміністратараў нямецкае камандаваньне звальняла патрэбную колькасьць палонных з лягероў, якіх прызначалі для працы ў вёсках, і яны жылі як вольныя людзі ў сялян. Шмат савецкіх вайскоўцаў, акружаных нямецкімі арміямі, не пайшлі ў палон, а разьбегліся па вёсках, прыпісаліся там пры семьях, дзе былі патрэбныя для працы, і жылі як мяйсцовыя людзі.
На занятай Беларусі нямецкае вайсковае камандаваньне прызначала сваіх мяйсцовых камандантаў (орт-скоммандант) і палявых камандантаў (фільдскоммандант) для адміністраваньня акругамі. Вайсковая жандармэрыя і палітычная паліцыя пільнавалі спакою і бясьпекі. Пад час вайны немцы хацелі ўтрымліваць спакой у краі і атрымліваць сельскагаспадарчыя прадукты, патрэбныя для вайны. Вайсковыя каманданты займаліся перадусім патрэбамі фронту і вайны. Для кіраўніцтва бягучымі мяйсцовымі гаспадарчымі справамі для ваенных патрэб яны мелі асобны аддзел з радным вайсковай адміністрацыі (крігсфэрвальтунграт) на чале. Гэты аддзел пільнаваў выконваньне вымаганьняў гаспадарчага кіраўніцтва (віртшафтскоммандо), якое ўлічвала ўсе гаспадарчыя рэсурсы, якія можна было атрымаць на мейсцы.
Нямецкія каманданты выдавалі загады, каб існуючая мяйсцовая адміністрацыя і паліцыя працавалі надалей. Там, дзе адміністрацыі ня было, немцы прызначалі галоўных кіраўнікоў для акругаў і гарадоў з людзей, якія былі папярэдня рэпрасаваныя савецкімі ўладамі. Гэтыя кіраўнікі прызначалі паветавых старшыняў, а тыя прызначалі старшыняў валасьцей, а гэтыя — вясковых старастаў.
Нацыянальны ўціск і перасьлед беларусаў і ўсяго беларускага жыцьця ў Заходняй Беларусі польскім урадам павэрсальскай Польшчы зьнішчыў усё арганізаванае беларускае жыцьцё і не даваў магчымасьці росту нацыянальнай сьведамасьці. Савецкая акупацыя зьнішчыла рэшткі беларускага нацыянальнага актыву. Пагромы беларускага нацыянальнага жыцьця маскоўскім урадам на Усходняй Беларусі поўнасьцю вынішчылі нацыянальна вядучую частку грамадзтва і пакінулі на мейсцы нацыянальна пасыўную частку народу. Гэты стан разгрому быў прычынай наяўнай малой колькасьці беларускага актыву на мейсцах, яго слабой падрыхтоўкі для працы ў зьмененых абставінах, як і поўнай адсутнасьці грамадзкай арганізацыйнай асновы.
Беларускія арганізацыі ў Гэнэральнай губэрш і Нямеччыне здавалі сабе справу з таго, што на Заходняй Беларусі мяйсцовую адміністрацыю будуць захопліваць палякі, а на Усходняй Беларусі — расейцы і камуністыя. Каб запэўніць беларускую адміністрацыю на мейсцах, трэба было прывезьці беларускі актыў з Гэнэральнай губэрні і з Нямеччыны. Вялікую працу ў гэтай справе выканаў д-р М. Шчорс, старшыня Беларускага Камітэту
Праф. Астроўскі прыехаў у Менск 13 ліпеня 1941 году. Мяйсцовы нямецкі радны вайсковай адміністрацыі Краац даручыў яму арганізаваць беларускую адміністрацыю Менскага павету, а наступна і ўсёй Менскай акругі, якая мела 21 павет (раён). Астроўскі неадкладна вызначыў ува ўсе паветы старшыняў і камандантаў паветавай паліцыі, якім загадаў на працягу тыдня арганізаваць валасныя ўправы і ў канцы тыдня прыехаць усім на нараду ў Менск. На гэтай нарадзе прадстаўнікі Віртшафтскоммандо пыталіся, ці змогуць раённыя кіраўнікі даць для нямецкага войска 40% сабранага ўраджаю. Тыя адказалі, што дадуць 50%, але каб самі немцы больш нічога не бралі.
Пазьней трэба было зрабіць некаторыя пэрсанальныя зьмены ў адміністрацыі, каб забясьпечыць яе патрэбную якасьць. Былі значныя цяжкасьці пры працы ў паасобных раёнах ад нямецкіх мяйсцовых камандантаў, перадусім дзеля няведаньня нямецкай мовы беларускімі кіраўнікамі. Апрача таго, на Меншчыну пачалі варочацца палякі, нашчадкі былых абшарнікаў. Ведаючы нямецкую мову, яны ладзілі забавы ў сваіх былых маёнтках, гасьцілі нямецкіх камандантаў, дамагаліся звароту ад сялян іх майна з перад двух дзесяцігодзьдзяў, а нават рабілі захады аб устанаўленьні адпаведнай ім адміністрацыі. Мяйсцовыя каманданты пачалі падтрымліваць іх, робячы закалоты ў адміністрацыі. Па захадах беларускай акруговай адміністрацыі вышэйшыя нямецкія вайсковыя дзейнікі змусілі гэтых палякоў уцякаць назад у Польшчу, каб захаваць свае жыцьцё. З бегам часу нямецкае камандаваньне штораз больш прымала пад увагу апінію беларускай адміністрацыі І жыцьцё ў Менскай акрузе прымала нармальны ход.
Паступова адбывалася разбудова ўправы Менскай акругі, сядзіба якой была ў Менску. Былі арганізаваныя аддзелы: харчаваньня, паліцыі, школьны, навуковы, будаўнічы, інжынерна-дарожны, плянаваньня, статыстыкі, аховы здароўя, вэтэрынарны і іншыя. Надзвычайныя вайсковыя разбурэньні на Беларусі вымагалі вялікай дапамогі беларускаму насельніцтву. Для палагоджаньня гэтых патрэб Астроўскі паклікаў да жыцьця Беларускі Чырвоны Крыж з д-рам Антановічам на чале.
З Гэнэральнай губэрні і з Нямеччыны прыбыло яшчэ некалькі груп беларусаў, разам каля 30 чалавекаў, якія былі прызначаны на працу ў раёнах і ўсходніх акругах. У ліпені і жніўні ў Менск прыбыло больш беларускай інтэлігэнцыі з Вільні і іншых мяйсцовасьцяў. Гэта былі беларускія дзеячы або гадунцы беларускіх гімназіяў, як: Леанід Галяк — юрысты, Уладыслаў Казлоўскі — публіцысты, д-р Ян Станкевіч — філёлег, Юліян Саковіч — аграном, Іван Касяк—цывільны інжынер, Канстанцін Касяк — інжынер дарог і мастоў, Аркадзі Арэхва — юрысты, Анатоль Сокалаў-Лекант, Язэп Найдзюк — навуковы працаўнік, Францішак Кушэль — вайсковец, Натальля Арсеньнева — паэтэса і іншыя. Яны былі накіраваныя на працу згодна іх кваліфікацыям. Прыблізна ў гэтым часе былі накіраваныя на працу: Усевалад Родзька і Міхаіл Рагуля ў Віцебск, Станіслаў Станкевіч, Барыс Шчорс і Іван Наронскі ў Барысаў.
Д-р М. Шчорс наведваў мяйсцовых нямецкіх камандантаў на Заходняй Беларусі і зьвяртаў іх увагу на палітычную небясьпеку з боку палякоў, якія захапілі мяйсцовую ўладу ніжэйшай адміністрацыі і паліцыі, ды прапанаваў замяніць іх беларусамі. Немцы ставіліся непрыхільна да ўмешваньня ў іх справы кіраўніцтва і жадалі толькі выконваньня іх загадаў. Па некалькі такіх візытах д-р Шчорс пераканаўся, што для цяперашняга нямецкага кіраўніцтва беларускае нацыянальнае пытаньне наагул не існуе. Пад час апошняй візыты гэнэрал Шэнкэльдорф, камандуючы тыламі вайсковых абшараў арміяў цэнтру Усходняга фронту, з пагрозай зажадаў ад д-ра Шчорса прыняцьця працы і паслухмянага выконваньня ягоных загадаў. Пасьля гэтага д-р Шчорс неадкладна вярнуўся ў Гэнэральную губэрню,