БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Беларуская Цэнтральная Рада неўзабаве атрымала ад нямецкіх уладаў памяшчэньні ў Вайсэнзээ, у прадмесьці Бэрліну, куды яна пераехала з Кэнігсбэргу, і прыступіла да працы як беларускае прадстаўніцтва ў Нямеччыне. Яна апрацавала статут і праграму для новай арганізацыі — «Саюз Вызваленьня Беларусі». Адначасна БЦР занялася ўспраўненьнем беларускай прэсы: газэтаў «Раніца» і «Беларускі Работнік». У гэтым часе ў склад сяброў былі пакліканыя прадстаўнікі Саюзу Беларускай Моладзі М. Ганько і Н. Абрамава. 13 верасьня 1944 году было створана Кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР з палкоўнікам К. Езавітавым на чале. Камандуючым БКА быў прызначаны капітан Кушэль.
Візыта прадстаўнікоў БЦР у нямецкай вайсковай установе 26 верасьня 1944 году паказала, што нямецкія
Беларускае войска тварылася на добраахвотнай аснове. Для прыйманьня добраахвотнікаў 16 лістапада была створаная прыймовая камісія Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. Камісія неадкладна распачала працу і накіроўвала прынятых афіцэраў і жаўнераў у распараджэньне камандаваньня БКА.
У сьнежні 1944 году Камітэт вызваленьня пад кіраўніцтвам расейскага гэнэрала А. Уласава разгарнуў у Нямеччыне акцыю за падпарадкаваньне сабе дзеючых арганізацыяў усіх падсавецкіх нерасейскіх народаў. БЦР на сваім паседжаньні 12 сьнежня разважала гэтую справу і вялікай бальшынёй адкінула падпарадкаваньне расейцам, устрымліваючы сваё незалежнае нацыянальнае становішча і самастойную дзейнасьць.
18 сьнежня 1944 году пленум БЦР разважаў справу Статуту БЦР. Статут БЦР, выдадзены гэнэральным камісарам Готтбэргам на Беларусі, цяпер стаўся неактуальным дзеля пастаноў Другога Усебеларускага Кангрэсу. Запрапанаваны для разгляду праект новага Статуту пастаноўлена было раздаць радным для запазнаньня і для дыскусыяў на наступным паседжаньні пленуму БЦР. Пазьней прэзыдыум пленуму БЦР разважаў праекты Статуту БЦР, як і робленыя прапановы адносна іх зьменаў. Новы Статут БЦР, улічваючы пастановы Другога Усебеларускага Кангрэсу і факт прабываньня БЦР на чужыне, быў прыняты пленумам БЦР на сэсыях ад 14 да 17 студзеня 1945 году, ён меў характар дзяржаўнай канстытуцыі.
Паводле гэтага Статуту БЦР зьяўлялася адзіным праўным прадстаўніком сувэрэнных правоў беларускага народу, пакліканым Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску 27 чэрвеня 1944 году, які вызначыў палітычныя заданьні БЦР. Галоўным палітычным заданьнем БЦР ёсьць арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнай незалежнасьці. Апроч таго, БЦР ажыцьцяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусь Паўнамоцтвы БЦР маюць трываць да часу скліканьня Трэцяга Усебеларускага Кангрэсу на вызваленай Беларусі.
На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, кампэтэнцыі якога акрэсьленыя ў якасьці галавы дзяржавы. Сяброўства БЦР з часу кангрэсу было павялічана; да іх былі дададзеныя прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў і ўстаноў, ды пакліканыя індывідуальна беларускія дзеячы. Лік сяброў БЦР не павінен перавышаць 25 асобаў, каб захаваць ідэйны характар, рэпрэзэнтаваны сябрамі БЦР з часоў кангрэсу. Вырашаючым органам БЦР зьяўляецца пленум, якім кіруе выбіраны на адзін год прэзыдыюм у складзе старшыні, заступніка старшыні і
Выканаўчым органам БЦР устаноўленая калегія БЦР. Шэфа калегіі прызначае прэзыдэнт БЦР. Шэф калегіі прадстаўляе кіраўнікоў аддзелаў калегіі для апрабаты пленуму Рады, а пасьля гэтага — на зацьверджаньне прэзыдэнта БЦР. Калегія выконвае ўсю працу БЦР у галінах і кірунках, вызначаных пленумам Рады і прэзыдэнтам БЦР.
25 студзеня 1945 году па атрыманьні згоды ад нямецкага ўраду БЦР распачяла арганізацыю першай штурмовай брыгады «Беларусь», часамі званай 20-я дывізія «Беларусь». Гэтая брыгада плянавалася як аснова для наступных штурмовых дывізіяў Беларускага вызвольнага войска. Брыгада тварылася на аснове добраахвотнасьці. У яе склад былі ўключаныя і рэшткі дывізіі Зіглінга. Брыгада «Беларусь» складалася з трох батальёнаў пяхоты пад камандай Касацкага, Чайкоўскага і Сокал-Кутылоўскага лікам звыш 2000 чалавек. Да гэтага даходзіў эскадрон кавалерыі ў складзе 150 чалавек. На пачатку камандзірам брыгады быў Зіглінг, але хутка яго мейсца заняў стары маёр Гэррэнфэльд. Калі ў брыгаду прыбыў камандуючы БКА Кушэль, то ён атрымаў поўную свабоду кіраўніцтва. Брыгаду наведаў прэзыдэнт Астроўскі і прыняў ўрачысты парад.
3 лютага 1945 году ў Ялце распачалася канфэрэнцыя Рузвэльта, Сталіна і Чэрчыля, дзе былі распадзеленыя сфэры вайсковай акупацыі Нямеччыны, як і ўплываў у сярэдняй Эўропе, і разважаліся справы вайны на Далёкім Усходзе.
Вайна з Нямеччынай набліжалася да канца. Савецкі фронт хутка ішоў на захад і 16 красавіка расейскія арміі распачалі штурм Бэрліна. Фронт заходніх аліянтаў хутка пасоўваўся на ўсход і 19 красавіка амэрыканскія арміі здабылі Лейпцыг.
У красавіку брыгада «Беларусь», расейскія фармацыі РОА і вайсковыя часткі іншых падсавецкіх народаў былі скіраваныя ў Чэхію, да лініі фронту амэрыканскіх войскаў. Камандзір брыгады «Беларусь», палкоўнік Кушэль, увайшоў у кантакт з камандзірам часткі РОА гэнэралам Мальцавым. Была навязаная сакрэтная лучнасьць з амэрыканскім камандаваньнем і дамоўлена аб пераходзе брыгады «Беларусь» і РОА на бок амэрыканцаў. 1 траўня гэтыя вайсковыя фармацыі перайшлі на бок амэрыканцаў. Амэрыканцы раззброілі іх, перавезьлі і памясьцілі ў лягер каля Каму ў Баварыі.
7 траўня 1945 году гэнэрал Едль падпісаў бязумоўную здачу нямецкіх арміяў амэрыканскаму гэнэралу Эйзэнгаўэру ў Рэймсе, а 8 траўня гэнэрал Кэйтэль падпісаў здачу савецкаму гэнэралу Жукаву каля Бэрліна. Вайсковыя дзеяньні спыніліся.
Беларуская Цэнтральная Рада выехала з Бэрліна перад яго акружэньнем на захад Нямеччыны. Частка сяброў БЦР і сьвіта прэзыдэнта пасяліліся ў местачку Гокстэр у Вэстфаліі. Іншыя сябры БЦР разьехаліся па іншых гарадох Нямеччыны. Беларуская Цэнтральная Рада ўстрымала сваю дзейнасьць.
З канцом вайны мноства беларускіх эмігрантаў уцякалі з абшараў, займаных савецкімі арміямі, на захад Нямеччыны ў зоны, займаныя амэрыканцамі, ангельцамі і французамі. Згодна з дамоўленасьцямі вялікай тройкі Рузвэльта, Сталіна і Чэрчыля, усе савецкія грамадзяне павінны былі быць прымусова зьвярнутыя ў СССР. Гэта датычыла ўсіх вайсковых, цывільных работнікаў і палітычных эмігрантаў. Ува ўсіх акупацыйных зонах Нямеччыны былі арганізаваныя лягеры для перамешчаных вайной людзей, якія былі ўтрымліваныя міжнароднай арганізацыяй УНРРА, якая мела рэпатрыяваць усіх перамешчаных людзей да краінаў іх паходжаньня. Вынятак быў зроблены для жыдоў, палякоў, балтыцкіх народаў, чэхаў, мадзяраў і іншых народаў сярэдняй Эўропы. Савецкія рэпатрыяцыйныя місыі езьдзілі па ўсіх зонах Нямеччыны і прымусова забіралі ў свае лягеры як грамадзян СССР, так і не грамадзян СССР, паходзячых з сярэдняй Эўропы, якія прыпадкова траплялі ім пад рукі, у чым ім дапамагалі заходнія аліянты. Беларусы з Заходняй і з Усходняй Беларусі рэгістраваліся ў лягерох УНРРА, як і ў нямецкіх уладах, грамадзянамі Польшчы, Балтыцкіх краінаў і Чэхаславаччыны, для якіх не стасавалася прымусовая рэпатрыяцыя.