Крыніцы
Шрифт:
— Вы новы чалавек, Міхась Кірылавіч… i не ведаеце некаторых акалічнасцей… — Апошнія словы прагучалі насмешліва i ўдарылі Лемяшэвіча, як аплявуха. Ён уздрыгнуў, утаропіў на яе позірк.
— Якія акалічнасці?
— Ды так… некаторыя, — ухілілася яна ад адказу.
Але Лемяшэвіч добра разумеў, якія іменна, i гэтая
бессаромнасць яе страшэнна абурыла яго. Стрымліваючы сваё абурэнне, ён хвіліну недарэчна маўчаў, а яна насмешліва назірала за ім, i вочы яе гарэлі, як у кошкі. Потым ён падняўся i… зачыніў акно.
Яна
Ён прайшоў да дзвярэй, назад, каб супакоіцца. Потым спыніўся пасярод настаўніцкай, сурова сказаў:
— Не, я ведаю, што гэта за а-ка-лічнасці,— слова гэтае вымавіў ca здзекам. — Я ведаю… І я здзіўлены, што ў вас хапае нахабства гаварыць пра гэта. Мне сорамна за вас i за чалавека, які наведваецца да вас… Вы — педагог, выхоўваеце дзяцей, моладзь… выкладаеце рускую літаратуру, прадмет, які павінен выхоўваць найлепшыя пачуцці… нашу камуністычную мараль… Вы, вядома, гаворыце пра гэта на ўроках… A ў жыцці? Што робіце вы ў жыцці? Вы чулі, што пра вас калгаснікі гавораць?
Толькі цяпер яна пачырванела і, відаць, адчуўшы, як загарэліся шчокі, асцярожна дакранулася да ix пальцамі. Потым, як бы схамянуўшыся, узлавана спытала:
— А што вам, уласна кажучы, да майго асабістага жыцця?
— Не мне аднаму — усяму калектыву, дзяржаве… Мы выхоўваем людзей будучага, людзей маральна чыстых. І мы не дазволім!..
— Ай, якія гучныя словы! Вы ж не на мітынгу, таварыш Лемяшэвіч, — паморшчылася яна.
— Нельга дазволіць, каб вы сваімі паводзінамі… ганьбілі ўвесь калектыў…
Марына Астапаўна, жанчына спрактыкаваная i не дурная ў гэтых адносінах, добра разумела, што ні абурэннем, ні робленай абразай i слязамі спыніць такога чалавека, як Лемяшэвіч, немагчыма: гэта толькі дасць яму адчуць уласную сілу. Таму яна зрабіла нечаканы манеўр: гарэзліва сказала, перапыніўшы яго тыраду:
— Вы сур'ёзна-такі ці толькі прыкідваецеся? Не прыкідвайцеся, Лемяшэвіч, анёлам, вам гэта не пасуе. Лепш — ведаеце што? Жаніцеся ca мною… Вы ж чалавек без перажыткаў… Абяцаю быць харошай жонкай…
Сапраўды, такі нечаканы паварот проста ашаламіў Лемяшэвіча, ён асекся на паўслове i разгублена змоўк, моргаючы вачамі.
Яна ўзнялася i наблізілася да яго. Ен баязліва адступіў за стол. Яна гучна i весела зарагатала.
— Колькі вам год, Лемяшэвіч? Вы, мабыць, гадоў дзесяць сабе прыпісалі? — І, не чакаючы, пакуль ён загаворыць зноў, сур'ёзна дадала: — А да размовы пра кватэру i пра мае адносіны з Арцёмам Захаравічам раю вам больш не вяртацца! Для вашай жа карысці… Будзьце здаровы, — i выйшла, горда падняўшы прыгожую галаву.
Лемяшэвіч хвіліну стаяў нерухома — слухаў яе крокі ў калідоры. Потым пагразіў на дзверы кулаком.
— Не! Я яшчэ вярнуся да гэтай размовы! Не на такога н атрапілі!
11
У райкоме толькі што скончылася
Ён пачынаў ix заклікам: «Давайце, таварышы, параімся». Але гаварыў увесь час сам i канчаў катэгарычным загадам:
— Праз гадзіну каб ніводнага чалавека не бачыў у райцэнтры. Убачу — няхай наракае на сябе.
I ўсе ведалі, што гэта не проста словы, што крый Божа трапіць Арцёму Захаравічу цяпер на вочы: літасці не будзе нікому, нават другому i трэцяму сакратарам, нават Валатовічу, не кажучы ўжо аб загадчыках аддзелаў, інструктарах, інспектарах i іншых «малых сошках».
У кабінеце акрамя Бародкі засталіся Валатовіч i рэдактар газеты Піліп Жданко, малады хударлявы чалавек у акулярах з пазалочанай аправай.
Валатовіч перасеў з канапы каля акна за стол для членаў бюро, у кут паміж доўгім сталом i пісьмовым стадом сакратара, якія ўтваралі літару «Т». Узяў адну з шматлікіх дырэктыў, што ляжалі на стале, — цэлы стос — пошта з цэнтра. Бародка ўзяў паперу з другога стоса — дырэктывы райкома ўніз, у калгасы, — i пачаў падпісваць. Рэдактару, які сядзеў з краю стала каля самых дзвярэй i то зашпільваў, то расшпільваў сваю скураную папку, кінуў афіцыйна, даючы зразумець, што размова павінна быць кароткая:
— Слухаю вас, таварыш Жданко.
Той скінуў акуляры, пакруціў ix за дужку.
— Я прасіў вас, Арцём Захаравіч, не пасылаць мяне на раён, у мяне адказны нумар.
— Даручыце сакратару. Хлопец спрактыкаваны, два месяцы замяшчаў рэдактара.
— Але якая газета была!.. Сорамна чытаць…
— Я не бачу, каб яна палепшылася пасля вашага прыезду, — жорстка адказаў Бародка.
— Магчыма, — спакойна згадзіўся Жданко. — Але згадзіцеся, што пры такім стане, калі рэдактар ператвараецца ў штатнага ўпаўнаважанага, палепшыць яе…
— Таварыш Жданко, — перапыніў яго Бародка, — у нас зараз гарачы час: уборка, хлебапастаўкі i сяўба азімых. І па ўсіх кампаніях гэтых раён не на першым месцы. І ніякі самы звышвыдатны нумар газеты не паможа нам выйсці ў перадавыя.
— Вось як. — Рэдактар надзеў акуляры i пільна паглядзеў на сакратара. — A ўпаўнаважаныя памогуць?
— Мы павінны выкарыстаць усе сродкі, арганізацыйныя i прапагандысцкія, — хітра паправіў сваю памылку Бародка i, глянуўшы на ручны гадзіннік, зноў пачаў хутка падпісваць.
Жданко памаўчаў, потым узняўся i рашуча сказаў:
— Добра, я паеду. Але заяўляю вам: вы памыляецеся… І наогул… Не падабаецца мне стыль… нашай работы.
Безумоўна, ён хацеў сказаць «вашай», але не хапіла рашучасці i смеласці, i ён сказаў «нашай». Ён пачакаў, што адкажа Бародка, але той нават i не глянуў.
Гэтая абыякавасць, няўвага сакратара абразілі маладога рэдактара. І невядома, ці здолеў бы ён сябе стрымаць, каб не Валатовіч, які зірнуў на яго з ласкавай усмешкай старэйшага.