Quo Vadis
Шрифт:
— Не патрабуеш згадваць свайго імені. Кожны ў Рыме здагадаецца й так, пра што будзе мова, а з Рыму разыходзяцца весткі на ўвесь свет.
— І ты пэўны, што гэта падабацімецца ў Ахайі?
— На Палукса! — прыцвердзіў Пятроні.
І адыйшоў задаволены: быў цяпер пэўны, што Нэрон, якога ўсё жыццё было нагінаннем рэчаіснасці да літаратурных помыслаў, не захоча папсаваць сабе тэмы, а тым самым звяжа рукі Тыгэліну. Гэта не змяняла, аднак жа, ягонага намеру выпраўлення Вініція з Рыму, як толькі здароўе Лігіі перастане быць перашкодаю. Вось жа, убачыўшы яго наступнага дня, сказаў яму: — Вывязі яе на Сіцылію. Адно здарэнне сведчыць, што з боку цэзара вам, здэцца, нічога не пагражаціме, але Тыгэлін гатовы скарыстаць нат і з атруты, калі не праз нянавісць да вас, дык да мяне.
Вініць усміхнуўся на гэта й адказаў: — Яна была на рагах тура, адыж Хрыстус яе ашчадзіў.
— Дык ахвяруй яму
— Як толькі выздаравее, адвязу яе да Пампоніі Грэцыны, — кажа Вініць.
— І гэта будзе тым лепш, што Пампонія ляжыць хворая. Казаў мне пра гэта сваяк Аўлюсаў, Антыстыюс. Тут тым часам будуць дзеяцца такія рэчы, што людзі забудуцца пра вас, а ў сянняшніх часах найшчаслівейшыя тыя, пра каго ўсе забыліся. Хай Фартуна будзе вам сонцам зімою, а ценем улетку.
Гэта сказаўшы, пакінуў Вініція ягонаму шчасцю, а сам пайшоў распытаць Тэоклеса пра жыццё й здароўе Лігіі.
Але ёй ужо небяспека не пагражала. У вязніцы дабіла б яе гнілое паветра й нявыгады, але цяпер даглядала яе найруплівейшая апека, дастатак, а нат і камфорт. Па загаду Тэоклеса цераз два дні пачалі выносіць яе ў агароды, акружаючыя віллу, дзе прабывала доўгі час. Вініць убіраў ейную лектыку ў анемоны, а злашча ў ірысы, каб прыгадаць ёй атрыюм у доме Аўлаў. Не раз гутарылі ў цянёчку, пабраўшыся за рукі, пра даўны боль і трывогі. Лігія талкавала яму, што Хрыстус наўмысна вёў яго праз пакуты, каб змяніць ягоную душу й падняць да сябе, а ён згаджаўся й адчуваў, што ў ім нічога не засталося з даўнейшага патрыцыя, які не прызнаваў іншага права акрамя собскага жыцця. Але ў гэных успамінах не было нічога горкага. Здавалася ім абаім, што цэлыя гады прайшлі над іхнімі галавамі, што тая страхотная мінуўшчына засталася ўжо далёка па-за імі. Цяпер атуляе іх супакой, якога ніколі перад тым не адчувалі. Нейкае новае жыццё, надта салодкае і ўтульнае, ішло да іх і авалодвала імі. У Рыме цэзар мог сабе буяніць і наганяць трывогу ўсяму свету, а яны, чуючы над сабою апеку без параўнання магутнейшую, не баяліся ўжо ні ягонай злосці, ні дзікіх шалаў, як бы ён перастаў быць іхнім валадаром, іхняга жыцця й смерці. Раз, на надвячэрры, пачулі яны рыкі львоў у віварыях. Калісь гэта Вініція праймала трывогаю, як злавесная варажба — цяпер пераглянуліся толькі ўсмешліва ды паднялі абое вочы да вячэрніх зораў. Іншы раз Лігія, не могучы ад слабасці яшчэ хадзіць, засынала, закалыханая агародняю цішынёю, а ён сядзеў пры ёй і, углядаючыся ў спячае аблічча, мімахоць думаў, што гэта ўжо не тая Лігія, якую спаткаў у Аўлаў. Вязніца й хвароба знасілі часткова ейную прыгажосць. Тады, у Аўлаў, і пасля, калі прыйшоў адбіраць яе ў Мырыямы, была так цуднай, бы статуя, бы кветка; цяпер твар ейны стаўся амаль не празрысты, рукі зблажалі, фігура зблажала ад хваробы, вусны збляднелі, і вочы нат выдаваліся менш блакітнымі, чым тады. Залатавалосая Эўніка, якая прыносіла ёй кветкі і каштоўныя тканіны для прыкрывання ног, выглядала пры ёй, бы цыпрыскае боства. Эстэта Пятроні дарма намагаўся вышукваць у ёй даўныя прывабы і, паціскаючы плячыма, думаў у душы: ці варты быў гэны цень Элізэйскіх палёў такіх захадаў, болю й пакутаў, якія амаль не высмакталі жыццё Вініцію?
Але Вініць, які любіў цяпер ейную душу, яе адну толькі кахаў цяпер тым больш і, калі сядзеў пры заснуўшай, бачыў у ёй увесь свет.
LXIX
Вестка пра цудоўную ашчаду Лігіі хутка разнеслася сярод ацалеўшых ад паграму хрысціян. Вызнавальнікі пачалі сходзіцца, каб аглядаць тую, над якою яўна аказалася ласка Хрыстовая. Прыйшоў насамперш Назарка з Мырыямай, у якіх дагэтуль хаваўся Апостал Пётр, а за імі прыходзілі іншыя. Усе разам, поспал з Вініціем, Лігіяй ды хрысціянскімі нявольнікамі Пятронія, слухалі з увагай расказу Урсуса пра той голас, што адазваўся ў ягонай душы і загадаў яму змагацца з дзікім зверам, і ўсе адыходзілі з льгою й надзеяй, што Хрыстус, аднак, не дазволіць выкараніць да астанку сваіх вернікаў на зямлі, пакуль Сам не прыйдзе на страшны суд. І гэна надзея падтрымоўвала іхнія сэрцы, бо пераслед не ўціхаў і дагэтуль. Каго толькі публічны голас паказваў як хрысціяніна, таго гарадскія вігілы воміг хапалі ў вязніцу. Ахвяр, праўда, было ўжо менш, бо агул вызнавальнікаў быў ужо вылаўлены й вымучаны, а хто ўцалеў, той або ўцякаў з Рыму, каб на далёкай правінцыі перачакаць буру, або старанна хаваўся, не адважваючыся збірацца на супольныя малітвы інакш, як у арэнарыях за горадам. Аднак жа яшчэ сачылі іх, і хоць фактычна ігрышчы былі скончаны, перахоўвалі іх на наступныя
Апостал Пётр праз доўгі час не смеў паказацца ў доме Пятронія; урэшце, аднак, аднаго вечару Назар паведаміў, што прыйдзе. Лігія, якая ўжо магла сама хадзіць, і Вініць выбеглі на спатканне яго й пачалі абнімаць яму ногі, а ён вітаў іх з расчуленнем тым больш, што няшмат яму засталося ўжо авечак у гэным статку, над якім даў яму ўладу Хрыстус ды над доляй якога плакала цяпер ягонае сэрца. Дык вось жа, калі Вініць сказаў яму: «Вучыцелю, дзякуючы табе Збаўца вярнуў мне яе!», ён адказаў: «Вярнуў яе дзеля тваёй веры дый дзеля таго, каб не замоўклі ўсе вусны, славячыя Ягонае імя». І, мусіць, думаў тады пра тыя тысячы дзяцей сваіх, параздзіраных дзікім звяр’ём, пра тыя крыжы, якімі набіты былі арэны, ды пра тыя слупы вагністыя ў агародах Бестыі, бо гаварыў гэта з вялікаю жаласцю. Вініць і Лігія зацемілі таксама, што валасы ягоныя збялелі зусім, цэлая постаць прыгнулася, а ў абліччы гэтулькі меў суму й цярпення, як бы сам прайшоў тыя пакуты й боль, праз якія прайшлі ахвяры шалёнага людажэрства Нэрона. Але абое разумелі ўжо, што, калі Хрыстус сам паддаўся пакутам і смерці, не можа ўхіліцца ад яе ніхто. Аднак жа балела ім сэрца, гледзячы на Апостала, прыгнечанага векам, працай і болем. Дык Вініць, які за некалькі ўжо дзён маніўся спаткацца з Пампоніяй і далей ехаць на Сіцылію, пачаў прасіць яго, каб разам з імі выехаў з Рыму.
Але Апостал палажыў яму на галаве руку й адказаў: — Чую вось у душы словы майго Ўсеспадара, які сказаў мне над Тыбэрыядскім морам: «Калі ты быў малодшым, падпярэзваўся й хадзіў, кудой хацеў, але як састарэешся, выцягнеш твае рукі, а іншы падпярэжа цябе й павядзе, куды ты не хочаш». Вось жа, пара ўжо мне пайсці за статкам маім.
А бачачы маўчанне іх, не зразумеўшых, што кажа, дадаў: — Дабягае да канца мая праца, але гасціннасць і адпачынак меціму толькі ў майго Ўсеспадара.
Пасля звярнуўся да іх і гаварыў далей: — «Не забывайце аба мне, бо я вас так палюбіў, як бацька родных дзяцей, а што толькі ў жыцці рабіцімеце, рабеце на хвалу Богу».
Так гаворачы, падняў над імі свае старыя дрыжачыя далоні і багаславіў іх, а яны туліліся да яго, прадчуваючы, што мо гэта апошняе багаслаўленне атрымоўваюць з ягоных рук.
Было ім суджана, аднак, яшчэ раз яго бачыць. Пасля некалькіх дзён пазней Пятроні прынёс грозныя весткі з Палатыну. Там выявілася, што адзін з цэзаравых вызвольнікаў быў хрысціянінам, і знойдзена ў яго лісты Пятра й Паўла, а таксама лісты Якуба, Юды й Яна. Прабыванне Пятра ў Рыме было ўжо Тыгэліну даўно ведамым, але ён думаў, што той згінуў разам з тысячамі іншых хрысціян. Цяпер вось выдавалася, што два старшыны новае веры жывуць да гэтых пор у сталіцы, дык вырашана знайсці іх за ўсякую цану і злавіць, бо спадзяваліся праз іхнюю смерць вырваць апошнія карэнні ненавіснае веры. Пятроні чуў ад Вестына, што сам цэзар выдаў загад, каб у працягу трох дзён Пётр і Павал былі ўжо ў Мамэртынскай вязніцы, ды што цэлыя аддзелы прэторыянаў выслана для ператрэскі на Затыбры.
Вініць, даведаўшыся пра гэта, вырашыў пайсці перасцерагчы Апостала.
Вечарам абодва з Урсусам, накінуўшы галійскія плашчы, засланяючыя твар, пайшлі да Мырыямы, дзе прабываў Пётр, а стаяў той дом на самым канцы затыбранскае часткі гораду пад Янікульскім узгор’ем. Па дарозе бачылі дамы, абстаўленыя прэторыянамі, якіх накіроўвалі нейкія незнаёмыя людзі.
Квартал быў устрывожаны, збіраліся грамады цікаўных. Тут і там цэнтурыёны рабілі допыты арыштаваных вязняў пра Пятра Сымона і Паўла з Тарсу.
Урсус і Вініць выперадзілі ваяроў, дайшлі шчасліва да памешкання Мырыямы, дзе засталі Пятра з жменькаю верных. Тымафей, памочнік Паўла з Тарсу, і Лін былі таксама тамака.
Даведаўшыся пра небяспеку, Назарка вывеў усіх таемным праходам да агароднае брамкі і далей да каменных сухадолаў, на колькісот мо ступеняў адлеглых ад Янікульскае брамы. Урсус пры тым мусіў несці Ліна, бо паламаныя на тортурах косці ягоныя яшчэ не пазрасталіся. У падзямеллі пачуліся беспячнейшымі і пры жухлым святліку Назаркавым пачалі ціхую нараду, як ратаваць дарагое жыццё Апостала.
— Вучыцель, — кажа яму Вініць, — хай заўтра ледзь золак выведзе цябе Назар у Альбанскія горы. Там мы цябе знойдзем ды забярэм у Анцыюм, дзе чакае вадаход, якім манімся ехаць у Неапаль і на Сіцылію. Шчаслівы будзе дзень і гадзіна, у якой пераступіш парог майго дому і пабагаславіш маё вогнішча.
Усе слухалі яго з радасцю і настойвалі на Апостала, кажучы: — Сцеражыся, пастыру наш, бо не астояцца табе ў Рыме. Перахавай жывую праўду, каб не згінула разам з намі й з табою. Паслухай нас, просім цябе, як бацьку.