Quo Vadis
Шрифт:
І таго ж яшчэ вечара паспяшаўся на Острыянскі магільнік навучаць і хрысціць тых, хто хацеў скупацца ў вадзе жыцця.
І ад тых пор прыходзіў туды штодня, а за ім ішлі штораз большыя грамады.
Здавалася, з кожнае слязіны пакутніцкае родзяцца новыя вызнавальнікі, і што кожны стогн на арэне адгукваецца ў тысячных грудзях. Цэзар плавіўся ў крыві. Рым і ўвесь паганскі свет шалеў. Але тыя, каму даволі было людажэрства й шалу, тыя, каго таптана, тыя, чыё жыццё было жыццём нядолі й гныбення, усе сумныя, усе гаротныя, няшчасныя, прыходзілі слухаць чароўную вестку пра Бога, які з любасці да людзей даў сябе ўкрыжаваць, каб выкупіць іхнія грахі.
Знайшоўшы Бога, якога маглі мілаваць, людзі знаходзілі тое, чаго ніколі дагэтуль не мог даць тадышні свет, — шчасце любові.
І Пётр зразумеў, што ні цэзару, ні ўсім
LXXI
Аж урэшце прыйшла пара на абодвух Апосталаў. Але, як бы на завяршэнне службы, суджана было рыбаку Божаму ўлавіць дзве душы нат у вязніцы. Ваяры Працэсус і Мартын’янус, якія вартавалі яго ў Мамэртынскай вязніцы, прынялі хрост. І прыйшла часіна пакуты. Нэрона не было тады ў Рыме. Прысуд выдалі Гэліюс і Палітэтэс, два вызвольнікі, якім цэзар даверыў на час свае непрысутнасці ўладу над Рымам. Старэнькага Апостала згодна з праўным парадкам наўпярод убічавалі, а наступнага дня вывелі за горад на Ватыканскія ўзгоркі, дзе меўся быць укрыжаваны. Ваяроў вельмі здзівіў вялікі натаўп народу перад вязніцай, бо ў іхнім паняцці смерць простага чалавека, ды ў дадатку чужынца, не павінна будзіць гэтулькі зацікаўлення, а таго не разумелі, што працэсія тая не складалася з цікаўных, але з вызнавальнікаў, жадаючых зрабіць провады на мейсца смерці Вялікаму Апосталу. Папаўдні адчыніліся ўрэшце брамы вязніцы, і Пётр паказаўся сярод аддзелу прэторыянаў. Сонца хілілася ўжо да Остыі, дзень быў ціхі й пагодны. Пятру з увагі на стары век не далі несці крыжа, бо думалі, не падыме яго, ані таксама не залажылі яму вілаў на шыю, каб не абцяжарваць яму хады. Ішоў свабодны, і верныя маглі яго добра бачыць. Як толькі сярод жалезных ваярскіх шаломаў паказалася ягоная белая галава, плач разлёгся ў народзе, але хутка заціх, бо аблічча старца, прамянеючае пагоднасцю й радасцю, так падзеела на ўсіх, што адразу пачалі глядзець на яго не як на ахвяру пакананую, але як на пераможніка або трыумфатара.
І так сапраўды было. Рыбак, абыдна пакорны й прыгноблены, ішоў цяпер выпраставаны, вышэйшы ростам над канвоем, поўны павагі. Ніколі ў паставе ягонай не бачылі гэтулькі маестатычнае дастойнасці. Магло б здавацца, гэна манарх ідзе абступлены войскам і народам. З усіх бакоў падыймаліся галасы: «Во, Пётр адыходзіць да Збаўцы!» Усе, казаў бы, забыліся, што ён ідзе на пакуты й смерць. Ішлі з урачыстаю ўвагай, спакойна, адчуваючы, што ад часу смерці на Галгофе не здарылася дагэтуль на свеце нічога так вялікага, і як тая адкупіла свет цэлы, так гэтая маецца адкупіць гэты горад.
Па дарозе людзі затрымоўваліся, здзіўленыя — вызнаўцы, кладучы ім рукі на плечы, гаварылі паважнымі галасамі: «Бачыце, як памірае справядлівы, каторы ведаў Хрыстуса і прапаведваў любасць на свеце!» А тыя задумоўваліся й адыходзілі, кажучы сабе: «Сапраўды, гэты чалавек не мог быць несправядлівым!»
Крыкі й вулічны гоман замоўклі. Працэсія йшла паміж свежых новых дамоў, сярод белых калюмнадаў святынь, над якімі вісела глыбокае неба, спакойнае, блакітнае. Ішлі ў цішы; час ад часу толькі дзынкнула зброя канвою або ўзмогся пошум малітваў. Пётр слухаў іх, аблічча яснела яму штораз большаю радасцю, бо зор ягоны ледзь мог агарнуць тысячы вернікаў. Прачуваў, што свайго даканаў, і ведаў ужо, што праўда тая, якую праз усё жыццё прапаведваў, залье ўсё, бы хваля, і нішто паўстрымаць яе не здолее. Так думаючы, падняў вочы да неба і гаварыў: «Усеспадару! Ты загадаў мне заваяваць гэты светаўладны горад, дык вось яго заваяваў. Даручыў Ты мне залажыць тут сваю сталіцу, дык залажыў. Гэта Твой народ цяпер, Збавіцелю, а я іду да Цябе, бо я надта спрацаваны».
Ідучы каля святыняў, казаў ім: «Хрыстовымі святынямі будзеце!» Гледзячы на рой людзей перад сваімі вачыма, казаў ім: «Хрыстовымі слугамі будуць вашы дзеці!» — ды йшоў з пачуццём дакананай перамогі, сведамы свае заслугі, магаты, спакойны, вялікі. Ваяры павялі яго праз Трыумфальны мост, як бы мімахоць пасведчвалі ягоную трыумфальнасць, і вялі далей, да Наўмахіі
Але наўкола было спакойна. Узгоркі, казаў бы, выграваліся й адпачывалі ў сонцы. Паход затрымаўся ўрэшце між цыркам і Ватыканскім узгор’ем.
Ваяры ўзяліся цяпер капаць яму, іншыя палажылі на зямлю крыж, малаткі й кастылі, чакаючы, пакуль усё будзе гатова, а народ, ціхі й спакойны, стаяў на каленях наўкола.
Апостал з галавою ў касулях і залатых блясках звярнуўся апошні раз да гораду. Воддаль, крыху ніжэй, палыскаваў на сонцы Тыбр; з другога берагу відаць было Марсавае поле, вышэй — маўзалеум Аўгуста, ніжэй — велізарныя тэрмы, распачатыя будавацца за Нэрона; яшчэ ніжэй — тэатр Пампея, а за ім, мейсцамі бачныя, мейсцамі закрытыя іншымі будынкамі, — Сэпта Юлія, мноства портыкаў, святыняў, калюмнаў, згрупаваных камяніц і вунь там, удалечыні, узгоркі, аблепленыя дамамі, вялізнае людское раёвішча, берагі якога гінулі ў блакітнай далячыні, гняздо ліхадзейства, але й сілы, шалёнасці, але й ладу, якое сталася галавою свету, ягоным гныбіцелем, а адначасна ягоным правам і супакоем, велікамагутнае, непераможнае, векавое.
Пётр, абступлены ваякамі, паглядаў на яго так, як бы паглядаў волат і манарх на сваю спадчыну. І гаварыў яму: «Ты адкупленае, ты ўжо маё». А ніхто між прэторыянамі, капаючымі пад крыж яму, ані між вернікамі не ўмеў адгадаць, што іставетна стаіць між імі сапраўдны валадар гэтага гораду, і што прамінуць цэзары, праплывуць хвалі барбараў, пройдуць вякі, а гэты старац валадарыціме тут бесперапынна.
Сонца болей спусцілася да Остыі, зрабілася вялікае, чырвонае. Увесь заходні небасхіл залунаў морам святла. Ваякі падыйшлі да Пятра, каб яго распрануць. Але ён, молячыся, раптам выпраставаўся і выцягнуў высока правіцу.
Каты ўстрымаліся, моў анясмеленыя ягонай паставай; вернікі таксама сунялі дыханне ў грудзях, думаючы, будзе прамаўляць, і настала абсалютная цішыня.
А ён, стоячы на ўзвышшы, пачаў выцягнутаю рукою рабіць знак крыжа, багаславячы ў часіне смерці: — Urbi et orbi! [89] У той жа самы чароўны вечар іншы аддзел прэторыянаў вёў Остыйскаю дарогаю Паўла з Тарсу да мяйсцовасці, называнай Aquae Salviae [90] . І за ім таксама йшла грамада вернікаў, якіх навярнуў, а ён пазнаваў бліжэйшых знаёмых, затрымоўваўся й гутарыў з імі, бо яму, як рымскаму грамадзяніну, варта аказвала больш ветлівасці. За брамаю, называнаю Тэргэміна, спаткаў Плаўтыллю, дачку прэфекта Флавія Сабіна, і, бачачы ейны малады твар, заліты слязьмі, сказаў: — Плаўтылля, дочанька вечнага збаўлення, супакойся! Пазыч мне толькі хусціны, якою завяжуць мне вочы ў моманце адыходу майго да Збаўцы.
89
Гораду й свету! (лац.).
90
Сальвіева крыніца (лац.).
І, узяўшы заслону, ішоў далей з абліччам так поўным радасці, як бы работнік, што, добра напрацаваўшыся праз увесь дзень, вяртаецца дамоў.
Глядзеў задуменны ў роўную далячынь, што перад ім цягнулася, у Альбанскія горы, што патаналі ў святле. Згадваў пра свае падарожжы, пра турботы й працу, пра пераможныя змаганні і святыні, што на ўсіх землях і за ўсімі марамі пазакладаў, і думаў, што добра заслужыў на супачын. І ён таксама свайго даканаў. Адчуваў, што посеву ягонага не развее ўжо люты вецер.