Quo Vadis
Шрифт:
А ён і далей жыў толькі тэатрам і музыкай. Цікавілі яго новавыдуманыя інструменты музычныя і новы вадзяны арган, з якім рабілі доследы на Палатыне. У здзяціненай, бязраднай ды бяздзейнай галаве ўяўляў сабе, што далёка сягаючыя ў будучыню намеры спектакляў і відовішчаў адвернуць тым самым небяспеку. Найбліжэйшыя, бачачы, што замест турбавацца пра спосабы й войска стараецца толькі знайсці сказы, трапна малюючыя пагрозу, згубілі толк. Іншыя думалі, што толькі заглушае сябе і другіх цытрамі, маючы ў душы трывогу й разлад. І праўда, учынкі ягоныя сталіся гарачкавымі. Штодзень тысячы намераў пралятала яму праз голаў. Іншы раз зрываўся, каб выбегчы супраць небяспекі, загадваў пакаваць на вазы цытры й лютні, узбройваць маладыя нявольніцы на манер амазонак,
І так кідаўся, дурэў, граў, пяяў, змяняў намеры, змяняў цытры, змяняў сваё жыццё і жыццё свету ў нейкую недарэчную мрою, фантастычную і страшэнную адначасна, у гучнае буянства надзьмутых слоў, дрэнных рыфмаў, стогнаў, слёз і крыві, а прымеж таго хмара на Захадзе расла й магутнела з кожным днём. Мера была перабрана, блазноцкая трагікамедыя набліжалася, відаць, да свайго канца.
Калі весткі пра Гальбу і прылучэнне да паўстанцаў Гішпаніі дайшлі да ягоных вушэй, закіпеў закатнаю сярдзітасцю й шалёнасцю. Бразнуў чары аб стол пры банкеце, перавярнуў стол і выдаў загады, якіх ні Геліюс, ні сам Тыгэлін не смелі выканаць: вымардаваць галаў, што жывуць у Рыме, пасля йшчэ раз падпаліць горад, выпусціць звяр’ё з арэнарыяў, а сталіцу перанесці ў Александрыю. Гэта выдавалася яму вялікім геройствам, годным подзіву ды не цяжкім. Але дні вялікамагутнасці ягонай ужо мінулі, і нат судзейнікі даўных злачынстваў пачалі глядзець на яго, як на шалёнага.
Смерць Віндэкса і разлад збунтаваных легіяў, казаў бы, зноў перацягвалі шалю на ягоны бок. Ужо новыя банкеты, новыя трыумфы і новыя прысуды запавешчаны былі ў Рыме, калі нечакана аднае ночы на запененым ліхачы прылятае з прэторыянскага лагеру пасланец з дакладам, што ў самым горадзе войска падняло сцяг бунту і агалосіла Гальбу цэзарам.
Цэзар спаў падчас прыбыцця пасланца і, прачнуўшыся, дарэмна клікаў прыбочнае варты, што ахоўвала начамі ягоную камору. У палацы была ўжо пустка. Нявольнікі толькі рабавалі ў далейшых куткох усё, што трапляла пад руку. Але ягоная прысутнасць напалохала іх, а ён блукаўся адзінокі па ўсім доме, напаўняючы яго крыкам трывогі і роспачы.
Урэшце, аднак, вызвольнікі Фаон, Спірус і Эпафродыт прыскочылі яму на ратунак. Намаўлялі, каб уцякаў воміг, як стаіць, але ён дурыўся шчэ спадзевай. А што, калі б убраны ў жалобу прамовіў да сенату? Ці ж сенат не ўзяў бы пад увагу ягоных слёз і красамоўства? Калі натужыць усе свае сілы рэторыкі і акторства, ці ж хто-небудзь у свеце здолее слухаць яго абыякава? Ці ж бы яму не далі хоць прэфектуры ў Егіпце?
А яны, падхалімцы, не смелі й цяпер запярэчыць, толькі асцерагалі яго, што пакуль здолее дайсці да Форума, народ разарве яго на кавалкі, і загразілі: калі воміг не сядзе на каня, дык і яны пакінуць яго.
Фаон ахвяраваў яму прытулак у сваёй вілле за Намэнтанскаю брамаю.
Праз момант паселі на коні і, панакрываўшы галовы плашчамі, паімчаліся на край гораду. Ноч бялела. На вуліцах кішэў, аднак, ужо рух, запавяшчаючы паважнасць хвіліны. Ваяры то паадзінкава, то невялікімі аддзеламі рассыпаліся па горадзе. Недалёка абозу цэзараў конь рвануў нечакана ўбок, спудзіўшыся трупа. З галавы ехаўшага асунуўся плашч, і ваяр, які ў той жа хвіліне прасунуўся вобак яго, пазнаў манарха, але, збянтэжаны неспадзяваным спатканнем, аддаў яму ваярскі гонар. Праязджаючы міма абозу прэторыянаў, пачулі гром воклікаў на гонар Гальбы. Нэрон сцяміў урэшце, што канец
І, верны самому сабе, разыгрываў галоўную ў ёй ролю да канца. Апанавала яго похатная гарачка цытатаў і жада перадачы ягонага майстэрства нашчадкам. Сягды-тагды крычаў, што хоча паміраць, і заклікаў Спікула, які найзручней за ўсіх гладыятараў забіваў. Часамі дэкламаваў: «Маці, жонка, айцец на смерць мяне ўзываюць!» Проблыскі надзеі будзіліся часамі, аднак, у ім, пустыя, дзіцячыя. Бачыў ідучую да яго смерць і адначасна не верыў у яе. Намэнтанская брама была адчынена. Едучы далей, прасунуліся міма Острыянума, дзе Пётр навучаў і хрысціў. На світанні былі ў вілле Фаона.
Там вызвольнікі не хавалі ўжо перад ім, што пара памерці, дык загадаў капаць сабе яму і лёг на зямлі, каб знялі акуратную меру. Глядзеў на выкіданы з ямы пясок і калаціўся ад страху. Наліты твар ягоны збялеў, пот выступіў на лбе, бы крапліны ранняе расы. Ацягаўся. Мярэчыў трэмолавым акторскім голасам, што яшчэ пара не падаспела, дый зноў давай цытаваць. У канцы прасіў, каб яго спалілі. «Што за мастак гіне!» — бедаваў жахліва.
Прымеж таго, прыскочыў пасланец Фаона з дакладам, што сенат выдаў на забойцу бацькоў ужо прысуд, і што патрыцыда [93] будзе ўкараны паводле даўняга звычаю.
93
Забойца бацькоў (лац.).
— Што там за звычай? — спытаў збялелымі вуснамі Нэрон.
— Шыю ўшчэмяць у вілы і засцёбаюць, забічуюць цябе на смерць, а цела ўкінуць у Тыбр! — пагардліва адказаў Эпафродыт.
Давай ён тады расхіляць на грудзях вопратку.
— Ну дык пара! — кажа, узглянуўшы ў неба.
Ды йшчэ раз прыцвердзіўшы: — Што за артысты гіне!
Нараз загрукацелі конскія капыты. Гэта цэнтурыён з аддзелам ваяроў прыязджаў па галаву Агенабарба.
— Не марудзь! — закрычалі вызвольнікі.
Нэрон прылажыў да шыі нож, але рука пачала дрыжаць, відаць было, што ніколі не адважыцца ўсадзіць яго. Тады Эпафродыт неспадзявана папхнуў ягоную руку, і нож схаваўся па самы тронак, аж зекры яму выперла наверх, страхотныя, вялізныя, жахлівыя.
— Прыношу табе жыццё! — адазваўся, уваходзячы, цэнтурыён.
— Запозна, — адказаў храплівым голасам Нэрон.
Пасля дадаў: — Во гэта вернасць!
Смерць хутка пачала абнімаць голаў. Кроў з грубога карку аблюзгвала чорным раўчуком агародныя кветкі. Нагамі рыў зямлю і — сканаў.
Верная Актэ абвіла яго назаўтра каштоўнымі тканінамі і спаліла на перапоўненым пахошчамі вогнішчы.
І так прамінуў Нэрон, як мінае ліхая бура, навальніца, пажар, вайна ці паморак. А базыліка Пятра валадарыць і дасюль з Ватыканскіх высяў над народам і светам.
Недалёка Капэнскае брамы стаіць і дасяння маленькая каплічка з прыцёртым крыху напісам: «Quo Vadis, Domine?»
КАМЕНТАРЫ
С. 13: Нэрон (37–68 гг. н. э.) — рымскі цэзар (ад 54 г.) з дынастыі Юліяў Клаўдыяў. Олеотокіюм — пакой для масажу ды націрання алеем. Эфебы — пляцоўкі для гімнастычных спаборніцтваў эфебаў (юнакоў 16–20 гадоў). Сявера і Цэлер — архітэктары, што пабудавалі «Залаты палац» Нэрона.