Quo Vadis
Шрифт:
С. 21: Калі «боскі» Аляксандр… чаго дзівіцца Гэлене — па-грэцку імя Аляксандр абазначае «муж-абаронца»; такой мянушкай нараклі Парыса, сына траянскага ўладара Прыяма і Гекубы, які зачараваў сваёй прыгажосцю пекную Гэлену, дачку Зэўса й сужонку ўладара Менелая, і тая збегла з ім у Трою, з-за чаго й пачалася Траянская вайна.
С. 22: Форум — тут: цэнтральная плошча, поўная назва якой Форум Рамана (Рымскі Форум); у гэтым месцы на паўднёва-заходнім схіле Капіталінскага ўзгор’я засяроджвалася грамадскае й палітычнае жыццё Рыма. Атрыюм — памяшканне, у якое трапляеш адразу па ўваходзе ў дом. Кубікулюм — спальня. Карынэ — багаты арыстакратычны квартал у паўднёваўсходняй частцы гораду паміж Палатынскім і Эсквілінскім узгор’ямі. Педысеквы —
С. 23: Ліціній Сталон Кай — народны трыбун, у 367 г. перад н. э. разам з Люцыем Сэкстам Лятэранам дамогся заканадаўчых рашэнняў на карысць плебса і шэраговага сялянства. Маніплы — баявыя аддзелы рымскага войска па пары соцень чалавек, г. зн. па дзве цэнтурыі; тры маніплы складалі кагорту, а дзесяць кагортаў — легію. Була — шыйны амулет у выглядзе шара або кола, які дзеці паўнапраўных грамадзянаў насілі да паўналецця. Гамадрыяда — лясное боства, німфа дрэва, якая з ім жа нараджаецца, жыве і памірае.
С. 24: Апіць — багацей і гурман часоў Аўгуста й Тыбэрыя, чыё імя пазначана на кнізе «Аб кулінарным штукарстве», паходжанне якой усё ж адносяць да больш позняга перыяду. Архітраў — ніжэйшая з трох частак перакрыцця (антаблемента); уяўляе сабою гарызантальную бэльку, што абапіраецца на капітэлі калюмнаў. Трыгліфы — элементы пліткавай аблямоўкі сярэдняй часткі перакрыцця. Тымпан — трохкутнае поле франтона (верхняй часткі фасада) без карніза вакол яго, дзе размяшчаліся розныя скульптуры ды іншыя рэльефныя ўпрыгожанні. Кастар і Палукс — у грэцкай міфалогіі так званыя Дыяскуры, браты-блізнюкі, сыны Зэўса, багі-ахоўнікі ваяроў і мараходаў. Веста — паводле рымскай міфалогіі багіня-ахоўніца хатняга агменю й дзяржавы. Ростры — Растральная трыбуна, г. зн. упрыгожаная загнутымі насамі захопленых варожых караблёў. Сістра — трашчотка накшталт кастаньетаў. Самбука — музычны інструмент кшталту гарфы.
С. 25: Квірыт — паўнапраўны рымскі грамадзянін. Жыхары Сэрыкума — кітайцы. Аронт — галоўная рака Сірыі, якая ўпадала ў Міжземнае мора насупраць Антыохіі. Нарбонская Галія — паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Францыі ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. Сэрапіс — сінкрэтычнае боства эліністычнага Ўсходу, якое атоесамліваецца адразу з егіпскім Азырысам, грэцкімі Зэўсам, Плутонам, Апалонам, Пасейдонам; гэтаму боству падпарадкоўваліся ўсе стыхіі прыроды. Ізыда — у егіпскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, вады й ветру, апякунка мараходаў. Кібелля — фрыгійскае боства ўрадлівасці, «Маці багоў»; оргіястычны культ Кібеллі распаўсюдзіўся ў Рыме з II ст. перад н. э. Субура — ажыўлены раён Рыма ў нізінах між узгор’ямі Эсквілін, Квірынал і Вімінал, на поўнач ад Карынэ, дзе на аднайменнай вуліцы было шмат забягалавак і прытонаў. Пэданій Сэкунд — рэальная асоба, колішні прэфект Рыма (61 г.).
С. 26: Пандатарыя — востраў ля ўзбярэжжа Кампаньі, куды ссылалі асуджаных у часы імперыі. Рэбелій Плаўт — нашчадак Аўгуста па жаночай лініі; прадчуваючы ад яго канкурэнцыю свайму самаўладству, у 59 або 60 г. Нэрон загадаў выслаць яго з Рыма. Мора — папулярная гульня, дзе адзін раптоўна выкідвае пальцы, а другі вокамгненна павінен адгадаць іхнюю колькасць. Святыня Ёвіша Статара — храм, які размяшчаўся на схіле Палатынскага ўзгор’я, дзе, паводле падання, заснавальнік гораду Ромул маліўся да Ёвіша, каб спыніў уцёкі рымскіх ваяроў ад ворага (Статар з лаціны і абазначае «Спыняльнік»).
С. 27: Крыспініла Кальвія — багатая матрона, што ладзіла для Нэрона оргіі. Норыкум — рымская правінцыя на тэрыторыі сучаснай Аўстрыі. Таблінум — галярэя, крытая тэраса.
С. 28: Арфей —
С. 29: Перыстыль — унутраны двор, абнесены калюмнадаю. Анній Паліён — сябра Клаўдыя Сэнэцыё.
С. 30: Наўзікая — у грэцкай міфалогіі дачка караля феакаў Алкіноя, якая дапамагла Адысею, калі таго бурай выкінула на востраў феакаў.
С. 31: …танагрскіх кшталтаў… — г. Танагра ва ўсходняй частцы Грэцыі славіўся вырабам тэракотавых статуэтак, якія вызначаліся надзвычайнай пластыкай. Псыхэ — у антычнай міфалогіі увасабляла захопленую каханнем чалавечую душу; адлюстроўвалася ў выглядзе матылька або дзяўчынкі з крылцамі. У мастацтве гэты вобраз знайшоў развіццё ў саюзе Псыхэ з богам кахання Эрасам (Амурам). Анакрэонт — грэцкі паэт 2-й паловы VI ст. перад н. э., які апяваў каханне й застольную весялосць. Гарацый Флак Квінт (65–08 гг.
перад н. э.) — выдатны рымскі паэт.
С. 32: Берэніка — сястра жыдоўскага караля Ірада Агрыпы II, якую пакахаў сын цэзара Веспасыяна Тытус. Янікульскае ўзгор’е — прасцей называлася Янікул, знаходзілася на правым беразе Тыбру за мяжой гораду. Лібітына — рымская багіня мёртвых, смерці й паховінаў.
С. З4: Сакрат — старажытны грэцкі філёзаф (каля 470–399 гг. перад н.
э.), настаўнік Платона. Адкрыў уласны метад філязафавання праз дыялогі або гутаркі некалькіх сумоўцаў, у працэсе якіх і выяўлялася сутнасць; тут пад дыялектыкай маецца на ўвазе майстэрства весці аргументаваную гутарку. Корнут Луцый Аннэй — філёзаф-стоік, вызвольнік Сэнэкі, настаўнік паэтаў Люкана і Пэрсыя, выгнаны Нэронам у 68 г. Ксэнафонэс (каля 570–478 гг. перад н. э.) з горада Калафона, што на заходнім узбярэжжы Малое Азіі. Пармэнід (каля 540–480 гг. перад н. э.) і Зэнон (каля 490–430 гг. перад н. э.) з г. Элеі ў Паўднёвай Італіі, абодва — прадстаўнікі так званай Элейскай школы старажытнагрэцкай філязофіі, якія меркавалі, што сутнасць нельга адчуць, а толькі асэнсаваць; яны сыходзілі з атоесамлівання іставетнага з разумовым. Кімэрыйскія краіны — паводле старажытных уяўленняў гэта вобласць на дальсвеце, дзе ў поўным змроку жыве казачны народ кімэрыйцаў. «Заранка з ружовымі пальчыкамі» — эпітэт багіні світанку Эос (у рымлян — Аўроры). Гельвецыя — вобласць на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі. Сэлена — у грэцкай міфалогіі увасабленне месяца. Дыяна — рымская багіня расліннасці; апякунка палявання, народзінаў, увасабленне месяца, атоесамліваецца з грэцкай Артэмідай. Актэон — міфалагічны паляўнічы, які выпадкова ўбачыў купанне Артэміды і быў ператвораны ёю ў аленя ды разарваны ўласнымі сабакамі. Іё — паводле грэцкай міфалогіі гэта дачка аргоскага караля Інаха, якую пакахаў Зэўс і з’явіўся да яе воблакам, хмарай. Даная — дачка аргоскага караля Акрысія, якую таксама пакахаў Зэўс, але бацька, ведаючы ад аракула, што яму наканавана смерць ад рукі ўнука, схаваў дачку ў падзямеллі, куды і спусціўся Зэўс дажджом.
С. 35: Нэрон не звянчаўся з Актэ, хоць яе называлі дачкою цэзара Атала. — Актэ была наложніцаю Нэрона. Наважыўшыся ажаніцца з ёю, цэзар прымусіў шэраг сенатараў даць ілжывую клятву, нібыта яна паходзіць з пэргамскага цэзарскага роду Аталідаў. У Сянкевіча тут недакладнасць, калі імя Атал разглядаць як дакладнае, а не абагульненае: апошні цэзар дзяржавы Пэргам, што знаходзілася на паўночным захадзе Малое Азіі, які дакладна насіў імя Атал, уладарыў тут у 139–133 гг. перад н. э., пасля чаго сама дзяржава стала правінцыяй Рымскай імперыі. Дэметра — грэцкая багіня ўрадлівасці й земляробства, атоесамліваецца з рымскай Цэрэрай.