Пляц Волі
Шрифт:
Беларуская Вайсковая Камісія.
Запіс у Беларускай Вайсковай Камісіі, гатэль Гар і рог Фэліцыянскай і Міцкевіча.»
Затым ён адшукаў стосік старых улётак, перачытаў верхнюю:
«Менчане! Варожая навала, што пагражала нашаму старому Менску, адбіта дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера. Але ня кінулі маскоўскія тыраны каваць путы на нашу волю, на волю Беларусі. Зьбіраюць яны з усяго сьвету дзікіх, ахвочых да рабунку, людзей і пасылаюць катаваць нашую Бацькаўшчыну. Гараць вёскі і месцы. Тысячы братоў нашых уцяклі з-пад родных стрэх
Устаньма ж на абарону радзімага краю!
Пад штандар Пагоні, у Беларускае Войска!
Хто дужы і малады — да зброі!»
– перачытаў ён улётку, і радок «дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера» тлуста выкрасліў — і ўвесь стосік назад схаваў.
– Дзень добры пану Мядзьведзю, — у дзвярах, усміхаючыся, стаяў Макар Краўцоў (па прозьвішчы — Касьцевіч — яго ніхто і не зваў), работнік «рэгулямінова-школьнага» адзьдзела БВК, ён жа — найперш — малады, але ўжо вядомы беларускі паэта, прыгожы, па вайсковаму падцягнуты, з вялікім, крыху выцягнутым тварам, далікатна ўкладзеным назад пышным чубам, нізкімі густымі брывамі, што крыху адцянялі яго сінія вочы, і без таго заўсёдна змуленыя вусны цяпер меншыла ўсмешка - і пакідала на ягоных мякка-выгаленых шчоках дзве зморшчынкі-баразёнкі ўпаўкруг.
– Добры і, па ўсім, вясёлы? — адказаў на прывітанне.
Макар прысеў побач, закінуў нагу на нагу. Бліснуў наваксаваным чаравікам.
– Ды сёння запісвалі добраахвотнікаў… Ну і дзяцюк зайшоў адзін. Імя, прозвішча… І тут з лямантам мажная кабета ўрываецца, маці ягоная, як аказалася. Бразь дзвярыма — і да нас: «А мае ж паночкі! Ня пішэце яго ў войско!»
— «Чаму?» — пытаемся.
— «А як жа — чаму?.. Гэткі сарві-галава! Пойдзе ваяваць, заб'е каго, а тады мне цёгайся па судох ды следствах…»
Усміхнуўся і ён, але адразу ж зсур'ёзнеў, уздыхнуў:
– Трэба, бачу, і мне да вас перабірацца, а то за гэтымі паперамі й свету людзкага не бачу…
– Во-во, давай. Статут перакласці й выдаць трэба…
– М-да…
– Слухай, а ці й праўда не заседзеліся мы з табой тут?! — Макар раптоўна падскочыў — і да вакна: — Кажуць, сама сок пайшоў… То, можа, адскочым, бярозавіку спусцім? — нізкія бровы яго ўзняліся, вочы гарэзна засвяціліся.
– Як жа… Да ночы ў лес, раніцаю з вёдрамі назад?
– Чаму? Стой каля вакна і чакай, я ўвомірг! — і ў дзверы.
Праз некалькі хвілін пад вокнамі Беларускага дома затарахцеў легкавы аўтамабіль, чорны, з вялікімі коламі (сняжынкай разыходзіліся тоўстыя, у палец, спіцы), з дзвюмя круглымі вірламі-фарамі — як з аграмадным пенснэ — над радыятарам. Шырокія шчыткі над коламі, складзены брызентавы башлык-катур ззаду (як дождж ці холад — можна было закрыцца, як у карэце). І — о дзіва! — за рулём Макар сядзеў, Алесю ківаў…
Заставалася толькі вядро ды сякерку расшукаць.
Аўтамабіль належаў Беларускаму камітэту. У Менск жа прыгналі яго немцы (генерал ехаў нейкі), дзе аўто і зламалася. Пры адступленні яго кінулі каля чыгункі. Майстар Домскі — стары менчук-чыгуначнік — адрамантаваў, падфарбаваў іржаўчыну. Дэпо аўтамабіль і падарыла Беларускаму камітэту, Домскі ж стаў шафёрам. У яго і выпрасіў Макар на паўдня жалезнага каня, сам (спрактыкаваны ўжо быў, не раз газаваў па менскіх вулках) за руль
За горад хутка выехалі. Дарогу ён, Алесь, паказваў — памятаў невялікі беразнячок, як на Слуцак выбірацца. Руліў Макар упэўнена, сакавіцкая дарога падсохла ўжо, там-сям з лагчынак снег брудны выглядваў.
«Жарабец» такі грукатаў моцна, і Алесь з Макарам, накрычаўшыся (проста гаварыць не выпадала — не чуваць нічога ж) яшчэ ў горадзе, маўчалі. Першы то па баках вызірваў, то свайго нечаканага шафёра вывучаў — нацятага, сур'ёзнага, галава крыху ў плечы ўехала.
Зналіся яны ці не з самага Алесевага прыезду ў Менск, і хоць на трынаццаць гадоў розніцы ў іх (Макар нарадзіўся ў 1890-м) было, хоць на «ты» зваліся — на цэлага паўвеку старэйшым Алесь сябра бачыў. А як жа яшчэ… Ужо з 1915-га ў вайну быў Макар прапаршчыкам на Паўночна-Заходнім фронце, а затым на Валынскім. Салдаты абралі яго дэлегатам Першага Усебеларускага з'езду. Стаў нават сябрам Рады БНР. Ягоны подпіс стаяў пад тэкстам Першай Устаўной Граматы! Ён браў удзел у паседжанні Рады БНР у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918-га — і прымаў акт пра абвешчанне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі! Ён, урэшце, аўтар знакамітага гімна БНР — ім стаў ягоны верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», пакладзены на музыку случаком Уладзімерам Тэраўскім. Распавядаў жа пра ўсё гэта Макар скупа: «Ну быў…», «Ну давялося…», не выстаўляўся перад ім, маладзейшым, — і праз гэта яшчэ больш загадкавым і «вялікім» здаваўся…
Вясна ж на Меншчыну прыходзіла няспешна, запознена. Разагрэтае сонца зямлю падсушыць, з узгоркаў вясёлыя раўчукі пусціць — а праз дзень зноў нізкія хмары небасхіл абвалакуць, снегу нацярушаць. І назаўтра — зноў макрэча, стынь. Але ж калі і небасхіл падманваў, і зямля йшчэ ад сну выварушвалася, дык дрэвы — гэтыя мудрыя вартавыя-знахары прыроды — маніць не маглі: усе, нават каржакаватыя дубы-перастаркі, неяк па-маладому выстрэньчвалі ўверх намерзлыя за зіму галіны, капілярнымі радзімкамі кволіліся на іх пупаўкі-пупышкі, трэскалі-спяшалі, расцвітаючы аксамітна-востранькімі зубкамі лісткоў.
Яшчэ праз пяць хвілінаў насустрач ім выбегла — і перакінулася за паварот на другі бок дарогі — шырокая пасма падлеску-бярэзніка. Тут Макар і прытармазіў, выскачыў з машыны, моцна бразнуўшы дзверыной.
– Ну, хто першы грэх на душу браць будзе? — і, пастукаўшы даланёй па шэрхлай бярозіне, узяў сякерку. — Нясі вядро…
Нават і не чакалі, што сок пырсне так моцна — як з набухлай вены… Тонка параніў Макар і беластволую суседку-спарыш, гладыш падставіў (да першай вядро прымастачыў).
– Ты, браце, тут пільнуй, я шчэ пашукаю, — і знік за прыгоркам. Як вярнуўся, ужо ледзь не паўвядзёрка соку з дзвюх бяроз нацурцоліла. Прысеў на падножку аўтамабіля, бутэльку з кішэні дастаў:
– Ну на, каштуй… — і бутэльку да Алеся паднёс (той на заднім сядзенні прыўзлёг, зачакаўшыся).
– Ды ты што?! — зніякавеў Алесь.
– Сок гэта, з грабу, не гарэлка. Пі, не бойся, калі такога паспытаеш?..
– З грабу? — перапытаў — думаў, недачуў што. І пражыў у вёсцы, на прылеску, а што з грабу сок спускаюць — і не чуў нават. А глытнуў — аж язык замлеў: соладка, смачна! Макар, аказваецца, за гэты час граба шукаў! І не заўважыў, як большую частку выпіў. Назад бутэльку аддаў, вусны аблізнуў: